Цыганкоў: «Менавіта людзі з высокім інтэлектам і шырокім мысленнем могуць кідаць выклік агульнапрынятым нормам»
Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў разважае над тым, чаму інтэлектуалаў сучаснасці называюць дурнямі.
Убачыў у аднаго свайго фрэнда, вядомага польскага журналіста, фотакалаж, сэнс якога, што Ілан Маск — ідыёт, — піша Віталь Цыганкоў. — Мне цікавы гэты фэномэн.
Відавочна, што Маск «стаў» у вачах многіх ідыётам толькі за апошнія гады, калі пачаў падтрымліваць Трампа. Да гэтага, калі ён галасаваў за дэмакратаў і даваў Украіне «Старлінкі» — ён быў бясспрэчным геніем бізнэса і інтэлектуалам.
Рэч не ў Маску, а ў тым падыходзе, калі людзі называюць (і, магчыма, шчыра лічаць) дурнямі і ідыётамі тых, хто не супадае з імі палітычна і каштоўнасна.
Дурнямі называюць Маска, Безаса, Джордана Пітэрсана, Каспарава, Пазьняка, Алексіевіч. Я наўмысна бяру людзей з самымі рознымі пазыцыямі, але ў якіх відавочна (для мяне, прынамсі) ёсць высокі інтэлектуальны ўзровень.
Але ані дакладнасць ацэнак, ані ўзровень інтэлекту не мае ніякага значэння. Проста людзі пераважна ацэньваюць адпаведнасць выказаных думак сваім перакананням і сацыяльным нормам.
Калі адпавядае — «разумны». Не адпавядае — «дурань», альбо нават небясьпечны. І ўсё. І гэта так прымітыўна, такая вузкасць мысьлення.
Нобелеўскі лаўрэат Джэймс Уотсан, які раскрыў структуру ДНК, быў адхілены ад усяго і пазбаўлены ўсіх званняў пасля таго, як заявіў, што раса і ўзровень інтэлекта (айкью) звязаныя.
Не тое, каб нехта абверг ягоныя словы вынікамі даследваньняў — проста пра такое «нельга» гаварыць, няважна, праўда гэта ці не.
Бо факты не маюць значэння, галоўнае — сацыяльная норма. «Калі б геаметрычныя аксіёмы закраналі інтарэсы людзей, яны б абвяргаліся», — сказаў Томас Гобс.
Свае сацыяльныя нормы ёсць у розных вялікіх групаў, у розныя гістарычныя перыяды. У адных — «цемрашальскія», і іншых — «прагрэсіўныя». Важна, што любая група зацята абараняе святасць сваёй уласнай нормы і гатовая праклясці і адмяніць любога, хто асмельваецца яе парушаць.
І ў мяне ўражанне, што чым больш вузкая група, тым больш строгія ў іх унутраныя нормы і правілы, ад якіх нельга «адыходзіць».
Праблемка ж у тым, што менавіта людзі з высокім інтэлектам і, адпаведна, шырокім мысленнем могуць кідаць выклік агульнапрынятым (у шырокім грамадстве альбо ў вузкай групе) сацыяльным нормам.
Скажам так асцярожна, сярэдні чалавек звычайна не кідае выклік нормам — ён ім падпарадкоўваецца, ён сочыць за трэндамі, тэндэнцыямі, паваротамі, разваротамі, каб не дай Божа, не ўпусціць штосьці новае, і не апынуцца на ўзбочыне.
І адпаведна, лічыць «ідыётамі» усіх тых, хто мае свае ўласныя думкі і не хоча станавіцца ў адзіны шэраг.
Я не лічу сваіх палітычных апанентаў ідыётамі. Разыходжанні (скажам мякка) ляжаць у сферы маралі, каштоўнасцяў, прынцыпаў, гуманізме. Праблема ў супрацьстаянні з Лукашэнкам у сярэдзіне 1990-х была ў тым ліку і ў тым, што яго недаацэньвалі, лічылі дурачком, рагаталі з ягоных выказванняў. А гэты дурачок перамагаў.
Читайте еще
Избранное