«Праўда ў тым, што мы не можам змяніць сусвет. Але наш унутраны стан можа змяніць нашу оптыку»

Пісьменніца Ганна Златкоўская — пра вялікае падарожжа ўнутр сябе, якое дапамагае ўсвядоміць нашыя страхі, убачыць унутраныя бар’еры, нашыя трывогі і комплексы.

Як навучыцца бачыць больш добрага, чым кепскага? Як пазбавіцца ад міфічнага ахоўніка, што перашкаджае даследаваць новыя месцы? Перастаць скардзіцца без нагоды? Ганна Златкоўская на Budzma.org апісвае сітуацыі з асабістага жыцця, якія раскрываюць унутраныя коды беларускай душы, і дзеліцца першымі поспехамі ў пераадоленні сябе і сваіх звычак «мінулага асяроддзя».

Ганна Златкоўская

Рэфлексія — вялікі дар, таму што дае магчымасць падарожнічаць унутр сябе. Так, нехта скажа: «Ой, ты занадта многа думаеш!» — і будзе мець рацыю, бо ў некаторых выпадках лепш мець пустую галаву без думак-мух. Проста жыць і нешта рабіць — усё дрэннае і добрае ўсё роўна застанецца з табой.

Але калі ты заўважаеш змены, якія адбываюцца ўнутры і звонку, свет становіцца куды больш цікавым і шырокім. Асабліва гэта карысна ў эміграцыі. Заўважаючы маленькія дробязі, задаючы сабе пытанні: «Як было раней? Чаму так няёмка? Чаму ўзнікла здзіўленне?» — пазнаеш нешта важнае, такім чынам адчыняючы таямніцы сваёй душы. Беларускай душы, якая прывыкла, у прынцыпе, усё бачыць у шэрым колеры.

Знішчыць міфічнага ахоўніка

Аднойчы з сяброўкай пайшлі гуляць, і яна прапанавала зайсці ў касцёл. Міма яго я прабягала мноства разоў, але ўвайсці ўнутр? Не-не, сорамна прызнацца, я баялася. Я ўзгадала не адзіны момант, калі мне хацелася пабываць у цікавых месцах, але заўсёды здавалася, што там, за дзвярыма, сядзіць няветлівы вахцёр, які адразу прычэпіцца да мяне, грозна пытаючыся: «І куды ты, дзевачка, прэшся?». Усе дзверы прыгожых касцёлаў і іншых цікавых будынкаў былі для мяне зачыненыя, хаця насамрэч гэта было не так.

І вось мая смелая Іна вядзе мяне да вялізных дзвярэй, адчыняе іх і спакойна ўваходзіць у касцёл, а я ціхенька шкандыбаю за ёю з нямым захапленнем. Там нас не сустрэў грозны вахцёр. І ніхто не звярнуў увагі. Толькі быццам сам касцёл прывітаўся, маўляў: «Нарэшце завітала, пабачыць, наколькі тут прыгожа».

Менавіта тады я зразумела, што трэба неяк знішчыць гэтага міфічнага ахоўніка, які перашкаджае мне адчуваць свабоду і ўвесь час нібыта шэпча на вуха: «Нельга, нельга, нельга».

Пытаць дазволу — тупая звычка майго мінулага асяроддзя. Пачынаючы з дзіцячага садка, нас вучылі пытацца ў дарослых, ці можна выйсці альбо зайсці куды-небудзь. Ды і ўвогуле, усялякія ўстановы сустракалі прапускным пунктам у выглядзе суровага начосу альбо вусаў, якія вырашалі, ці годны ты прайсці далей.

Проста так — гэта больш чым словы, гэта маніфест асоб, якім не трэба адчытвацца перад іншымі, чаму яны вырашылі зрабіць так, як хочацца.

Мне вельмі непрыемна адчуваць гэтыя ўнутраныя бар’еры, але ж я рада, што змагла іх убачыць. І пачала новы шлях, у якім навучылася адчыняць дзверы без страху. Незвычайны досвед, скажу я вам.

Спрабуем выйсці з клуба маркотных зануд

Мая беларуская душа рэдка думае, што ўсё будзе добра. Наадварот, часцей я жыву ў напружаным стане і больш заўважаю дрэннае, чым добрае. Калі вы думаеце, што гэта ну зусім ужо песімістычнае стаўленне да ўсяго і вас гэта не тычыцца, вось вам маленькі прыклад.

Уявіце, што ваш знаёмы, муж або жонка тэлефануе вам і кажа: «Мне трэба табе нешта сказаць». І пасля гэтых слоў адчуйце сваю першую думку. Якая яна была? Мабыць, што здарылася нешта дрэннае?

Вось-вось, вітаю вас у клубе маркотных зануд.

Дзіўна, але ўпершыню я не думала пра дрэннае ў адзін з самых нялёгкіх перыядаў у маім жыцці. Менавіта тады, калі апынулася ў Вільні з сынам, а праз тры месяцы да нас далучыўся мой муж: ні грошай, ні працы, ні кватэры, ні дома — у тым сэнсе, дзе ўсё знаёмае і зразумелае.

Мы адчувалі сябе героямі маленькай казкі: кожны дзень нейкія выпрабаванні, але... мама, мы ў Еўропе, вось дзе цуд! Так і жылі з адчуваннем цуду, пакуль зноў не апынуліся на тым жа ўзроўні — са стандартным прадчуваннем бяды.

Убачыць гэты ўбудаваны ў душэўную праграму код дапамог той самы дыялог:

— Мне трэба табе нешта сказаць.

— Здарылася нешта дрэннае?

— Чаму мы заўсёды так думаем, а?

І сапраўды.

Камунікуючы часам з замежнікамі, мы пабачылі, што яны жывуць зусім у іншай парадыгме. Іх план просты — цікавае жыццё зараз і наперадзе, а ўсе праблемы вырашальныя. Кропка.

Аднойчы нашы сябры (ён — літовец, яна — беларуска, але жыве ў Літве ўжо больш за дзесяць гадоў) падзяліліся сваім жаданнем пераехаць у цёплы край, і мы адразу: «Ой-ой, гэта ж так цяжка!».

Сябры толькі ўсміхнуліся. Яны не вымяралі свой план праз прызму цяжкасцяў, а толькі светлымі пачуццямі доўгачаканых перамен.

Вось як трэба жыць. Хопіць хвалявацца, што за вуглом чакае нешта дрэннае. І мы паспрабавалі навучыцца: як толькі ўзнікала думка, што адбудзецца нешта кепскае, змянялі яе на пытанне: «А чаму гэта? А вось і не абавязкова!». І ведаеце, патрошку стала атрымлівацца.

Бачыць больш прыемнага ў сваім жыцці, чым дрэннага

Але! Куды ж без яго — ці я не беларуска? Адкрыццё «адчування благога» прымусіла выявіць яшчэ адзін моцны скіл, які трэба было перакадзіраваць.

Скардзіцца з любой нагоды. Мне падаецца, што мы, беларусы, у гэтым чэмпіёны.

Нагоду знайсці — не праблема. Вялікія кошты на прадукты ў краме, змрочнае надвор’е, непрыемныя пасажыры ў транспарце, разгубленасць і ўвогуле — усё надакучыла. Радавацца дробязям, на жаль, мы не заўсёды ўмеем. Простым рэчам — без гэтага вялікага «Але...».

Вось вам невялікая гісторыя.

На працы майго мужа ў офісе дрэнна зачыняліся жалюзі, і сонца свяціла яму ў вочы. Але нарэшце іх адрамантавалі, і калега нават пракаментавала: «А больш за ўсіх будзе задаволены Кірыл». На што іх кіраўнік парыраваў: «Ён не можа быць задаволены, ён жа беларус».

Мабыць, нехта і пакрыўдзіўся б на гэта, але ж мы — рэфлексікі, працаваць са сваімі шэрымі старонкамі нам кайфова. Бо калі мы на нешта скардзімся, але не спрабуем гэта выправіць, то апынаемся ў дрыгве без магчымасці з яе выпаўзці. Некаторыя людзі жывуць так усё сваё жыццё, і гэта сумна.

Лепш усё ж такі прымаць рашэнні. Альбо ты змяняеш тое, што табе не падабаецца, альбо стараешся бачыць больш прыемнага ў сваім жыцці, чым дрэннага. Шчыра кажучы, гэта моцны квэст, але ён таго варты.

Я пачала з надвор’я. Пакуль мае знаёмыя ныюць, як ім надакучыла бясконцая хмурнасць Вільні, я бачу ў гэтым нагоду для меланхалічнай вандроўкі ўглыб сябе або прыемную магчымасць застацца дома, запаліць свечкі і паглядзець старое добрае кіно.

Праўда ў тым, што мы не можам змяніць сусвет. Але наш унутраны стан можа змяніць нашу оптыку, пасля чаго пачынаюць адбывацца і змены звонку — вельмі радасныя і каштоўныя.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.2(5)