Стрыжак: «Антываенны кансэнсус у Беларусі толькі ўмацоўваецца, на што працуюць і дэмсілы і лукашысты»
Кіраўнік BYSOL Андрэй Стрыжак разважае пра тое, ці будзе вялікая вайна ў Еўропе ў 2025 годзе і якое месца будзе адведзена Беларусі.
— Заява Зяленскага пра наўпроставае ўцягванне Беларусі ў вайну была ўспрынятая часткай публікі са скепсісам, а часткай з трывогай, — піша Андрэй Стрыжак.
![](/uploads/2024/10/st03-2.jpg)
Важна разумець уводныя такога сцэнару, каб ставіцца да яго больш ці менш сур’ёзна.
1) Ці стала беларускае войска больш матываваным/падрыхтаваным/забяспечаным для ўступу ў вайну?
- Калі мы кажам пра матывацыю на ўдзел у вайне, то яна па-ранейшаму вельмі нізкая. Антываенны кансэнсус у Беларусі толькі ўмацоўваецца, на што працуюць і дэмсілы і лукашысты. Няўдзел наўпрост у вайне — адзін з пунктаў, па якім большасць беларускага грамадства згодная.
- Падрыхтоўка і забяспечанасць — вучэнні, перадыслакацыя, насычэнне войска аб’ёмамі новай і мадэрнізаванай тэхнікі — гэта фактары падвышэння здольнасці да ўдзелу ў вайне, але ж не дастатковыя для поспеху. Ні колькасна, ні якасна сітуацыя не змянілася так, каб сказаць, што лукашысты маюць дастатковыя сілы, каб на роўных ваяваць з краінамі НАТА і Украінай.
2) Ці можа расейскае войска разам/асобна ад беларускага нанесці ўдары па Украіне/краінах НАТА?
- У верасні 2025 года запланаваныя вучэнні «Захад-2025», адбудзецца пераброска вялікай колькасці расейскіх войскаў у Беларусь. Мінулым разам сцэнар вучэнняў перарос у рэальныя баявыя дзеянні. Расейскія войскі з тэрыторыі Беларусі зрабілі прарыў да Кіева і Чарнігава. То бок, сцэнар не фантастычны і ўжо аднойчы быў рэалізаваны.
Але ж важна разумець, што абставіны былі іншымі. Гэтым разам межы суседзяў больш умацаваныя, а войскі і палітыкум папярэджаныя пра магчымасць уварвання.
3) Ці можа расейскае камандаванне і ў 2025-м паўтарыць агрэсіўныя планы ў адносінах Украіны/краінаў НАТА?
- Пуцінскі рэжым засяродзіўся на дзвюх стратэгіях:
а) агрэсіўная вайна і тэрор супраць мірнага насельніцтва ва Украіне;
б) так званыя дзеянні «ніжэй парога вайны» супраць краін НАТА.
Што такое ваенная агрэсія, зразумела ўсім, то засяроджуся на другім пункце.
Дзеянні «ніжэй парога вайны» — гэта тэхналагічныя дыверсіі, сабатаж, інфармацыйныя і кібератакі, скупка палітычных лідараў, пакушэнні і выкраданні, арганізацыя пратэстаў і ўплыў на электаральныя працэсы, арганізацыя міграцыйных плыняў. Тое, што адбываецца ўжо сёння і што моцна б’е па непадрыхтаваных да такіх гібрыдных атак адкрытых заходніх грамадствах.
На мой погляд, да наўпроставых ваенных дзеянняў з Беларусі ў бок Украіны/краін НАТА сёння ў расейскага войска няма дастатковай сілы. Не сфармаваныя арміі, для іх недастаткова рэкрутаў і ваеннай тэхнікі. Таму я лічу малаверагодным сцэнар вялікай вайны ў Еўропе ў 2025 годзе.
АЛЕ!
Важныя фактары, што кажуць пра вельмі высокую верагоднасць вайны паміж хаўрусам дыктатур і НАТА:
- канверсія расейскай вытворчасці на ваенныя рэйкі;
- перабудова расейскай грамадскай думкі на ваенны стан;
- атрыманне ваеннага досведу велізарнай колькасцю расейскіх ваенных;
- запыт на аднаўленне кантролю над Усходняй Еўропай з боку Крамля;
- імперскія амбіцыі і гатоўнасць да вялікіх страт і рызыкаў з боку Крамля;
- негатоўнасць Захаду да вайны і слабая да яе падрыхтоўка;
- дэстабілізацыя архітэктуры бяспекі заходняга свету з боку адміністрацыі Трампа.
Спіс фактараў няпоўны.
Два асноўных сцэнара падзей на 2025-2030 гг.:
1) Другая Халодная вайна
Два блокі пачынаюць гонку ўзбраенняў, вядуць рэгіянальныя войны праз проксі, ці наўпрост, апускаюць новую «жалезную заслону», вядуць дзеянні «ніжэй парогу вайны» адно супраць аднаго. Беларусь застаецца па расейскі бок заслоны, Украіна атрымлівае хісткі мір на прыніжальных умовах.
2) Вялікая вайна ў Еўропе
Пасля перамір’я ва Украіне Расея назапашвае сілы і наносіць удар па краінах Балтыі. Гібрыдны ці наўпроставы. Усталёўвае кантроль над балтыйскім балконам і дэблакуе Калінінград.
Наступным крок: дзеянні супраць Польшчы і спробы ўсталяваць кантроль над Балтыкай. Беларуская тэрыторыя/войска выкарыстоўваюцца падчас вайны.
Рэзюмэ: аднаго з двух гэтых сцэнароў не пазбегнуць, бо так выглядае логіка развіцця падзей апошняга часу. Рыхтавацца да іх — гэта захаваць жыццё і здольнасць да дзеянняў. Новая рэальнасць патрабуе ад нас новых навыкаў і новага мыслення. Не губляйце часу.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное