Тышкевіч: «Трэба зразумець, што з сябе ўяўляе сёння беларуская нацыя — як у Беларусі, так і за мяжой»
Аналітык Ігар Тышкевіч разважае на сваім канале пра раскол у беларускім грамадстве і новыя магчымасці, але і новыя рызыкі для яго пераадолення.
— У ядра прыхільнікаў Лукашэнкі, напалоханага 2020-м годам, плюс сілавікі, першым жаданнем было выгнаць, растаптаць ці прынамсці прыбраць з вачэй тых, хто з імі не згодны. Окей: ёсць эміграцыя, ёсць азлабленне з іншага боку. Але ўявім, што сітуацыя мяняецца, — гаворыць Тышкевіч.
Ігар Тышкевіч
— Нават і сёння нельга сказаць, што сітуацыя на беларускім палітычным полі стабільная, што ўсё нармальна ў грамадстве. Вонкава за кошт рэпрэсій усё спакойна, але ж калі паглядзець на сегменты: што рабіць з 30% абыякавых, калі з імі не размаўляць? Тады яны схіляюцца да знешніх сіл — гэта можа быць Расія і хто заўгодна іншы, хто будзе прасоўваць сваю думку, свае погляды і інтарэсы.
На пытанне, што рабіць з расколатай нацыяй, многія адказваюць: неяк склейваць, зазначае Ігар Тышкевіч.
— Але ж нацыя не можа быць цалкам маналітнай, прытрымлівацца адной магістральнай думкі, што ўсе адзіныя — тады гэта, даруйце, не нацыя, а рэлігійная секта.
Пытанне ў іншым. Каб жыць нармальна і прымаць нейкія рашэнні, патрэбная мінімум адна ўмова. Размаўляць. А каб размаўляць, трэба ведаць, з кім ты гаворыш, альбо пазнаёміцца. І на маю думку, гэта важная рэч: пазнаёміцца самім з сабой, беларусам з беларусамі.
Бо на сёння мы маем палітызаваныя палюсы (прыхільнікаў перамен і лаяльных рэжыму), маем нейтральных і эканамічна незадаволеных, якія, дарэчы, адпалі ад ядра пратэсту. І каб прасоўваць свае наратывы, трэба ведаць, хто твая мэтавая аўдыторыя. Якая колькасць людзей думае як ты ці амаль як ты і таксама хоча зменаў, што хвалюе тых, хто нейтральны, і як думаюць твае палітычныя апаненты.
Трэба зразумець першае і ключавое: што з сябе ўяўляе сёння беларуская нацыя — як у Беларусі, так і за мяжой. Нават з гледзішча колькасці і аб’ёму дыяспары: якая частка ёсць палітычнымі мігрантамі, а хто паехаў проста зарабляць.
Бо далёка не ўсе, хто з’ехаў, ёсць прыхільнікамі дэмакратыі, але і з імі можна працаваць, гаварыць з імі тымі словамі, якія людзі гатовыя пачуць. Бо калі ты хочаш нешта змяніць, ты гаворыш пра важнае.
Так, магчыма, давядзецца наступаць на гарлянку ўласнай песні, абмяркоўваць рэчы, якія не падабаюцца табе самому, уступаць у дыскусіі. Плюс расстаўляць прыярытэты: для чаго ты працуеш. І гэта тычыцца, дарэчы, абодвух бакоў — што трэба размаўляць пра канкрэтныя тэмы, якія людзей цікавяць, прапаноўваць пазітыўную павестку, фармаваць вобраз будучыні, што будзе з Беларуссю. Бо цяпер яго няма.
Пры гэтым я застаюся аптымістам у тым ліку за кошт змены знешніх абставін. Будуць змяняцца варункі вакол Беларусі, будзе тая ці іншая дынаміка адносна вайны ва Украіне, і ўжо ёсць пытанне змены прыярытэтаў.
Аднак, пакуль палюсы магнітаў не камунікуюць паміж сабой, грамадства застанецца разарваным. А той, хто першым выйдзе на іншыя групы, іншую аўдыторыю — той і атрымлівае перавагу.
Я не кажу, што давайце ўсім усё даруем і гэтак далей. Але ўпэўнены, што трэба камунікаваць складаныя пытанні, напрыклад, пераходнае правасуддзе. Пра гэта трэба думаць, і людзям патрэбная канкрэтыка — гэта якраз «сшывае» грамадства.
І тое самае датычыцца Лукашэнкі. Таму што заявы «мы будзем жыць лепш»… Лепш, чым хто? Лепш, чым калі? Тут той жа самы вакуум. А калі ён захоўваецца з двух бакоў, у яго ўлезе трэцяя сіла.
Станам на сёння, хутчэй за ўсё, адным трэба будзе адпятляць, каб Лукашэнка застаўся пры ўладзе хоць на пару годзікаў, яны будуць спрабаваць выйсці і на Еўрасаюз, і на Украіну, пры гэтым застаючыся ў жахлівай залежнасці ад Расіі.
Другім трэба будзе знайсці сваё месца ў палітыцы ў будучым, у новых умовах. І ў гэтых умовах пытанне — не хто сядзе за стол перамоў у вузкім кабінеце, а хто будзе камунікаваць з насельніцтвам.
Тут у аднаго боку ёсць перавага — тэлебачанне, прапаганда, рэпрэсіўны апарат, а ў другога — альтэрнатыўныя крыніцы і механізмы данясення інфармацыі.